ЛЕЙБАРЫ́СЦКАЯ ПАРТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (Labour Party Рабочая партыя),

адна з дзвюх гал. партый краіны. апанент Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Засн. ў 1900 (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва) на базе чартысцкага руху (гл. Чартызм). Паводле складу пераважна партыя рабочых і часткова сярэдніх слаёў. Ідэалогія — рэфармісцкі сацыялізм (гл. Рэфармізм); пасля 2-й сусв. вайны выступала за дэкаланізацыю Брыт. імперыі (у т.л. наданне незалежнасці Індыі, Бірме, Цэйлону), да 1989 і супраць уцягвання Вялікабрытаніі ў зах.-еўрап. інтэграцыйны працэс. У 1924 і 1929—31 (прэм’ер-міністр Дж.Р.Макдональд), 1945—51 (прэм’ер-міністр К.Р.Этлі), 1964—70, 1974·—79 (прэм’ер-міністры Дж.Г.Вільсан і Л.Дж.Калагэн) і з 1997 (прэм’ер-міністр Э.Блейр) кіруючая партыя. У сярэдзіне 1990-х г. разам з падкантрольнымі прафсаюзамі мела больш за 5 млн. членаў. Кіруючыя органы — штогадовы парт. з’езд, паміж з’ездамі — нац. выканаўчы к-т.

Літ.:

Виноградов В.Н. У истоков лейбористской партии (1889—1900). М., 1965;

Перегудов С.П. Лейбористская партия в социально-политической системе Великобритании. М., 1975;

Рыжиков В.А Британский лейборизм сегодня: теория и практика: Политика послевоен. лейборист. правительств Великобритании. М., 1984;

Осадчая Ж.Ф. Лейбористская партия Великобритании: лицом к будущему. М., 1990.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)